Рознае
08 Кастрычніка 2015
1 155
Фактчэкінг: перадвыбарчая праграма Лукашэнкі
Фактчэкінг: перадвыбарчая праграма Лукашэнкі
“Ідэа” вырашыла паглязець і дэталёва праверыць мінулую праграму Аляксандра Лукашэнка, каб ведаць, чаго чакаць ад наступнай. Па кожным пункце праграмы мы выстаўляем “кубкі чаю з малінавым варэннем”, ад аднаго да пяці. Чым іх больш, тым менш рэалізавана праграма. 

Працягнем будаўніцтва незалежнай, самабытнай Беларусі. Мы не выбіраем паміж Усходам і Захадам і не маем намеру быць чыім-небудзь прыдаткам. У Беларусі сваё годнае месца ў Еўропе і свеце.”

Пачуць з вуснай прэзідэнта пра незалежнасць і самабытнасць можна падчас кожнай буйной прэс- канферэнцыі. Як і пра тое, што краіна не абірае паміж Усходам і Захадам. Аднак, фактычна, буйных праектаў з ЕС мы не маем з 2009-га, калі было запушчана Усходняе партнёрства. Праз шэсць год яго існавання Беларусь не выяўляла вялікай ініцыятывы і чакаць моцнага прагрэсу ў гэтым кірунку не даводзіцца. Затое на Усходнім кірунку мы стварылі Мытны і Эканамічныя саюзы з Расіяй і Казахстанам.

4 кубка

Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу

53-е месца ў 2013-м, 61-е на момант публікацыі праграмы.

Адзін кубак

Да 2015 года ўзровень жыцця ў Беларусі наблізіцца да еўрапейскага.

Пры складанні рэйтынгу развіцця чалавечага патэнцыялу ўлічваюцца паказальнікі якасці адукацыі, працягласці жыцці і парытэту пакупальніцкай здольнасці. Можам паглядзець якія пазіцыі займаюць некаторыя еўрапейскія краіны: Нарвегія (1), Вялікая Брытанія (14), Чэхія (28), Эстонія (33), Польшча (35), Літва (35). Найбліжэйшая да нас еўрапейская краіна ў рэйтынгу — Латвія, 48 месца. Яшчэ адзін рэйтынг, які сумарна ўлічвае 8 сацыяльных і эканамічных паказчыкаў, рэйтынг Prosperity аддае Беларусі ў 2014 таксама 53-е месца. Праўда, адрыў ад найбліжэйшай Латвіі большы, 9 месцаў.

Тры кубка

УМАЦАВАЦЬ НАЦЫЮ — дзяцей павінна быць больш. Кожная сям`я, дзе ёсць чацвёра і больш дзяцей, за кошт дзяржавы атрымае кватэру. Сем`ям з трыма дзецьмі будзе кампенсавана 75 працэнтаў кошту жылля. Мець шмат дзяцей стане прэстыжна.

У параўнанні з 2010 годам колькасць насельніцтва зменшылася на 32 тысячы чалавек. Толькі ў 2014 годзе была адзначана пазітыўная дэмаграфічная дынаміка.

Дзяржава сапраўды кампенсуе запазычанасці па льготных крэдытах на будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў у апісаным аб’ёме

2 кубка

СТАЦЬ БАГАЦЕЙ. Чым багацейшы чалавек — тым багацейшая краіна. За кошт росту эканомікі будуць забяспечаны пастаянны рост заработнай платы, пенсій, стыпендый, іх поўная і своечасовая выплата.

У беларускіх рублях заробак і пенсіі сапраўды раслі. Аднак для краіны з нестабільным курсам варта арыентавацца на рэальны заробак у іншай валюце. Канкрэтна ў 2010 годзе, падчас прадстаўлення сваёй праграмы на Усебеларускім народным сходзе, прэзідэнт агучыў лічбу чакаемага ў 2015-м заробка — 1000$. У лютым 2015  мы маем сярэдні заробак роўны прыкладна 460$. Намінальны сярэдні заробак у рублях у снежні 2010 году склаў 1 млн 595 тысяч. Альбо 530$.

5 кубкаў, калі ласка!

УЗМАЦНІЦЬ САЦЫЯЛЬНУЮ АБАРОНУ. Кожнаму будзе гарантавана рабочае месца. Дзяржава дапаможа ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе. Абсалютную большасць дзіцячых дамоў заменяць апякунскія сем`і і дамы сямейнага тыпу. Будзе створана цывілізаваная сістэма сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей, асабліва адзінокіх.

Фармальна з працоўнымі месцамі ўсё добра — зарэгістраваннае беспрацоўе ў 2014 склала 0,5%. Лічбы фантастычныя. Агулам у краіне 21.8 тысяч беспрацоўных. А ў рапартах фігуруюць нават лічбы 0,1 тысяча чалавек — напрыклад у верасні беспрацоўе вырасла на сто (!) чалавек.

У гэты ж час дзяржава рыхтуецца не толькі гарантаваць кожнаму працоўнае месца, але і змагацца з “тунеядцамі”. Плануецца, што працаздольнае насельніцтва, якое карыстаецца ільготамі і паслугамі і не працуе больш чым 6 месяцаў абавязуюць выплачваць т.зв. падатак. Фігуруе лічба ў 3,6 млн. беларускіх рублёў ад асобы у год.

Колькасць дзіцячых дамоў у Беларусі зменшылася. У 2008 годзе іх было 68, зараз толькі 13.

3 кубка

ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ СУСВЕТНЫ ЎЗРОВЕНЬ МЕДЫЦЫНСКАГА АБСЛУГОЎВАННЯ. За два бліжэйшыя гады мы завершым аснашчэнне самым сучасным абсталяваннем усіх лячэбных устаноў. Зможам адмовіцца ад імпарту медыцынскіх паслуг. Усе паліклінікі і бальніцы ў краіне будуць поўнасцю ўкамплектаваны спецыялістамі, чэргі адыдуць у мінулае.

Беларусь, як і Канада, з’яўляюцца лідэрамі ў свеце па ўзроўню забяспечанасці насельніцтва медычнымі паслугамі. Таму іх імпарт складае незначную частку.

Казаць пра тое, што “усе лячэбныя ўстановы” маюць “самае сучаснае абсталяванне” немагчыма. Паглядзіце колькі збіраюць грошай на аперацыі за мяжой, бо патрэбнага сучаснага абсталявання ў Беларусі проста няма. Як і пра цалкавітую укамплектаванасць: напрыклад, у Мінску не хапае 900 лекараў і 2.4 тысяч мядсёстраў, у некаторых паліклініках не хапае 40% медычнага персаналу. Варта ўлічваць, што ў сталіцы медыкі маюць даплаты ад гарадскіх уладаў. Агульны заробак медычнага супрацоўніка па краіне ў снежні 2014 склаў 5 млн. 928 тысяч рублёў. Менавіта нізкім заробкам і тлумачыцца недаход персаналу. Агульная лічба па краіне нехапаючых кадраў ацэньваецца ў пяць тысяч працанікоў. Але пры гэтым, фармальна медычныя ўстановы ўкамплектаваныя на 95%. Гэта дасягаецца высокай сумяшчальнасцю, у сярэднім медперсанал працуе на 1.4 стаўкі. Калі б на 1, то ўзровень укамплектаванасці зменшыўся б да 70%.

Беларусь займае пятае месца ў свеце па колькасці медычных супрацоўнікаў на тысячу чалавек. Чэргі, пры ўсім пры гэтым, застаюцца рэальнасцю для ўсіх медычных установаў краіны.

1 кубак

БУДАВАЦЬ 10 МІЛЬЁНАЎ КВАДРАТНЫХ МЕТРАЎ ЖЫЛЛЯ ЗА ГОД. Да канца пяцігодкі на кожнага жыхара Беларусі будзе прыпадаць не менш за 28 квадратных метраў жылля.

Узровень даходаў павінен даваць магчымасць сем`ям набыць уласнае жыллё ў сярэднім на працягу пяці гадоў.

У 2015 годзе плануецца ўвядзенне 5 млн. кв. метраў, столькі ж павінны былі пабудаваць і ў 2014. У 2012 пабудавалі 4,2 млн., 6,5 у 2013, а ў 2011 7,5 млн.

Паводле міністра будаўніцтва сярэдні кошт квадратнага метра ў 2014 склаў 7,4 млн рублёў. З улікам гэтага беларуская сям’я можа набыць кватэру цягам 5-6 год, праўда, прыйдзецца адмовіцца ад ежы, вандровак, вопраткі, аўтамабіля і праязднога і туалетнай паперы.

2.5 кубка

УМАЦАВАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ВАЛЮТУ. Будуць забяспечаны стабільнасць курсу беларускага рубля, абсалютная захаванасць прыватных укладаў, даступнасць банкаўскага крэдыту.

Курс беларускага рубля да долара упаў з 2010 года ў пяць разоў. Альбо на 533%

5 кубкаў

СТВАРЫЦЬ НОВАЕ АБЛІЧЧА БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІКІ. На працягу бліжэйшых пяці гадоў у краіне будзе рэалізавана не менш як 100 магутных інвестыцыйных праектаў. З`явяцца новыя галіны: касмічная, нана- і біятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка і іншыя. Гэта новыя вытворчасці, новыя тэхналогіі, новыя рабочыя месцы, запатрабаваныя на рынку працы, рост экспарту.

Сельская гаспадарка стане прыбытковым аграбізнэсам. Экспарт прадуктаў харчавання будзе павялічаны больш як у два разы — да 7 мільярдаў долараў у год.

Аб’ём замежных інвестыцыяў у 2010 годзе склаў 9 млрд. долараў, у 2011 ён падвоіўся, у 2012 і 2013 гадах у Беларусь інвеставалі па 14 млрд. штогод. Беларусь прыцягнула больш за 5000 інвестараў з 77 краінаў свету, аднак, казаць пра сто сапраўды моцных і новых інвестыцыйных праектаў цяжкавата. У космас беларускі спадарожнік адправіўся, а вось прарываў у нана-і біатэхналогіях, альтэрнатыўнай энергетыцы не адбылося.

у 2014 экспарт прадуктаў харчавання склаў 6 млрд, у 2015 чакаецца рост да абяцаных 7 млрд.

2 кубка

ЗРАБІЦЬ ПРАРЫЎ У ІНФАРМАТЫЗАЦЫІ. Інфармацыйныя тэхналогіі ахопяць усе сферы дзейнасці. У нас з`явіцца паўнацэнны электронны ўрад. Усе базавыя паслугі (ад рэгістрацыі аўтамабіля да аплаты рахункаў) можна будзе ажыццяўляць праз інтэрнэт. Мы пазбавім чалавека ад хаджэння па кабінетах, бюракратызму і валакіты. Інтэрнэт па якасці і цане будзе ўраўнаваны з развітымі краінамі.

У Беларусі сёння не з’явіўся паўнавартасны электронны ўрад, зарэгістраваць аўтамабіль онлайн нельга, аплаціць рахункі можна. Па кабінетах чалавек усё адно ходзіць. У краіне 5 млн. карыстальнікаў інтэрнэтам, па хуткасці інтэрнэта Беларусь на 77-м месцы ў свеце,па коштах шыракапалоснага доступу мы на 33-м месцы ў свеце.

3 кубка

УДАСКАНАЛЬВАЦЬ ДЗЕЙНАСЦЬ УЛАДЫ. Гарантавана адкрытасць дзяржаўных органаў для людзей і грамадзянскіх ініцыятыў. Узмоцніцца роля грамадскіх аб`яднанняў і мясцовага самакіравання ў жыццядзейнасці дзяржавы. Будзе забяспечаны паўнацэнны спаборніцкі судовы працэс, сфарміраваны суд прысяжных і завершана работа па гуманізацыі заканадаўства. Мы працягнем бязлітасную барацьбу з карупцыяй і прычынамі, якія спараджаюць яе.

Калі канкрэтна ацэньваць дадзеную дэкларацыю, то ў Беларусі не з’явіўся суд прысяжных, не адменена смяротнае пакаранне і не выдаюцца целы забітых іх сваякам, у рэйтынгу ўспрыняцця карупнцыі Беларусь паднялася, але займае 119 месца ў свеце.

4 кубка

ЗБЕРАГЧЫ МІР І ЗГОДУ Ў ГРАМАДСТВЕ. Беларусь была і будзе дзяржавай, дзе камфортна і бяспечна жыць усім людзям, незалежна ад нацыянальнасці, поглядаў і рэлігіі. Мы не дапусцім разгулу крыміналу, сацыяльнага разладу і канфліктаў..

Колькасць зарэгістраваных злачынстваў у Беларусі істотна знізілася. У 2010 годзе лічба раўнялася 140 тысячам,  2011 — 132-м, 2012 — каля 102-х тысяч,  у 2013 зафіксавалі 90 тысяч. злачынстваў. Колькасць забойстваў зменшылася з 486 да 410.  Варта адзначыць, што ў красавіку 2011 году адбыўся тэракт у мінскім метро. Раненні атрымалі 203 чалавека, 15 загінула.

1 кубак

35.5 кубкаў гарбаты для журналісткі, якая хоча задаць непростыя пытанні па праграме!

Каментары
Таксама вам будзе цікава