ЛюдзіРознаеЭканоміка
08 Кастрычніка 2015
1 506
e-Эстонія. Як выглядае жыццё ў краіне пераможнага электроннага ўрада
e-Эстонія. Як выглядае жыццё ў краіне пераможнага электроннага ўрада
Увесь ВУП Эстоніі меншы, чым сума, якую Вялікая Брытанія выдаткоўвае на развіццё электроннага ўрада. Але вы наўрад ці ўзгадваеце Аб’яднанае Каралеўства, кажучы пра поспехі дзяржавы ў сферы анлайн-паслуг насельніцтву.

Чатыры тысячы сэрвісаў, даступных анлайн (ад рэцэптаў і запісаў на прыём у лекара да вядзення бізнесу і выбару дзіцячага садка), 95 % банкаўскіх аперацый праз інтэрнэт, 98 % сем’яў з доступам да сеціва, анлайн-падаткі і электронныя выбары ‒ грамадства Эстоніі стала лічбавым нават не пяць гадоў таму, а дзесяць.

Дзве рэчы тлумачаць поспех электроннага ўрада. Па-першае, эстонцы ніколі не імкнуліся адаптаваць старую сістэму пад новыя патрэбы. Беднасць і нізкая якасць дзяржаўных паслуг падштурхнулі іх да стварэння прынцыпова новай канцэпцыі. Стварэнне новых міністэрстваў на заходні манер і пасля вэб-інтэрфейсаў каштавала б больш, таму шмат якія ведамствы адразу ўзнікалі з разлікам, што карыстацца імі будуць пераважна анлайн. З гэтай прычыны эстонскі электронны ўрад адразу ствараўся як насамрэч электронны, а не як адаптацыя ўрада для інтэрнэту.

Другі вызначальны момант ‒ гэта заканадаўчая смеласць. Дэпутаты Рыйгікогу выступілі за ўвядзенне абавязковай identity card з мікрачыпам, які сёння і адкрывае доступ да 4 тыс. (!) сэрвісаў. Такі чып атрымлівае кожны грамадзянін з 15-ці гадоў ‒ цяпер чып інтэгруюць наўпрост у сім-карты. У шмат якіх краінах улады баяцца ствараць такія разбудаваныя сістэмы.

Кошт такой штукі да $ 10, але ў большасці банкаў яе можна атрымаць бясплатна

Ліцэнзія на рыбалоўства і зварот падаткаў за 48 гадзінаў

З дапамогай ID можна падпісваць дакументы анлайн. Калі для нас электронны подпіс падаецца нечым дзіўным, то ў Эстоніі законатворцы абавязалі ўсе дзяржаўныя структуры прымаць такія подпісы яшчэ ў 2000-ым, а таксама правялі інтэрнэт ва ўсе школы да гэтага ж года.

За 14 гадоў эстонцы пакінулі 200 млн такіх віртуальных аўтографаў. Сам подпіс дазволіў, напрыклад, плаціць падаткі з аднолькавай хуткасцю жыхарам самых далёкіх вёсак і Таліна. Падаткі ‒ гэта асаблівы гонар мясцовых чыноўнікаў (праўда, толькі тых, якіх не скарацілі з міністэрстваў, бо пасля новаўвядзенняў на працы засталася палова ‒ 1500 чалавек). Падаткавыя дэкларацыі праз інтэрнэт падае 98 % эстонцаў. Жыхарам гэта выгадна, бо дзяржава апрацоўвае дэкларацыю цягам двух дзён ды вяртае частку падаткаў.

Тааві Котка, які зараз адказвае за праект віртуальнага эстонскага грамадзянства, троліць брытанцаў у “Твітары”

Для грамадзяніна Эстоніі электронны ўрад пачынаецца са школы. Пропускі, хатнія заданні, пераводы ў іншы клас і групы заняткаў ‒ усё гэта мусіць захавацца нават да пенсіі. Далей праз інтэрнэт можна атрымаць ліцэнзію на лоўлю рыбы, набыць нерухомасць альбо навучыцца ашчаджаць электрычнасць ‒ у адпаведным меню будуць давацца падказкі.

Сама сістэма, якая называецца X-road, звязвае ўсе міністэрствы краіны, але не з’яўляецца адным серверам ‒ дадзеныя захоўваюцца ў розных месцах, але па запыце прадстаўляюцца службоўцам. Кожны грамадзянін можа ўсё гэта адсачыць ды пабачыць, калі яго персанальную інфармацыю шукала, напрыклад, падатковая інспекцыя. На такія запыты можна паскардзіцца.

Знакамітыя эстонскія анлайн-выбары

Эстонія ‒ першая краіна ў свеце, дзе людзі галасуюць праз інтэрнэт. Зрабіць гэта можна з любога кутка свету і, адпаведна, на любых выбарах. Падчас мінулых выбараў, да прыкладу, эстонцы галасавалі са 105 краін планеты. Пакуль аднак большасць людзей яшчэ ходзіць на ўчасткі ‒ толькі кожны чацвёрты голас аддаецца электронна. Каб прагаласаваць на выбарах у Еўрапарламент, трэба перайсці на 9 старонак, у тым ліку двойчы ўвесці свой пін-код і адзін раз пераправерыць правільнасць зазначэння.

10 мільёнаў “віртуальных эстонцаў”

У будучыні Эстонія плануе адкрываць амбасады дадзеных у прыязных краінах, каб у выпадку хакерскіх атак X-road працаваў далей.

Новая мэта для Эстоніі ‒ экспарт сваёй сістэмы. Эстонскія адмыслоўцы дапамагаюць фінам, але справа там асабліва не ідзе: заканадаўства, якое абавязвае кожнага грамадзяніна мець ID з чыпам, ‒ адсутнічае, а гэта тармозіць увесь працэс.

Пакуль жа эстонцы пастанавілі адкрыць доступ для сваёй сістэмы замежнікам і раздаваць віртуальнае грамадзянства. Да 2025-га яны чакаюць 10 млн “віртуальных эстонцаў”, што ў дзесяць разоў больш за колькасць рэальных грамадзянаў. Запоўніць заяўку можна анлайн, пасля заплаціць 50 еўра і атрымаць ID у найбліжэйшай амбасадзе.

Віртуальнае грамадзянства дазволіць у лічаныя хвіліны займець рахунак у эстонскім банку, зарэгістраваць бізнес у краіне, плаціць падаткі ды электронна падпісваць дакументы. Юрыдычна бізнес спрашчаецца на тэрыторыі ўсяго Еўрасаюза. Для беларусаў гэта можа быць цікавым таму, што эстонскія падаткі адаптаваныя для стартапаў (паводле знаўцаў, у Эстоніі колькасць стартапаў на тысячу чалавек ‒ самая вялікая ў свеце), а паміж нашымі краінамі няма падвойнага падаткаабкладання. Краіна электроннага ўрада, які перамог, знаходзіцца да нас бліжэй, чымся можа падавацца.

 

Іван Шыла, часопіс «Ідэя»

 

Каментары
Таксама вам будзе цікава