|
|
![]()
|
Новая кампанія ад МФ: «Еўрапейская адукацыя»
«Еўрапейская адукацыя» — пад такой назвай стартуе з 6 ліпеня новая маладафронтаўская грамадзкая ініцыятыва. Гэта ўжо другая кампанія ад МФ, абвешчаная цягам аднаго тыдня. І гэта яшчэ не ўсё: неўзабаве маладафронтаўцы абяцаюць трэцюю кампанію… Правядзенне кампаніі «Еўрапейская адукацыя» стала патрэбай для беларускага грамадства, бо ўжо не першы год ідуць дыскусіі і абмеркаванні неабходнасці далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу. Пра гэта ў розныя часы ўзгадвалі і Міністр адукацыі Радзькоў і Александр Лукашэнка, аднак ад гэтага Еўрапейская сістэма адукацыі так і не стала бліжэй для нашых студэнтаў. «Мы разумеем, што гэта палітычнае пытанне далучацца да Балонскага працэсу ці не. — кажа каардынатар кампаніі „Еўрапейская Беларусь“, Аляксей Валабуеў, — Наша задача - паказаць, што беларускаму грамадству неабыякавае гэтае пытанне. У нас большасць студэнтаў і выкладчыкаў не ўяўляюць, у чым сутнасць Балонскага працэсу і што гэта ўвогуле такое, таму яшчэ адной важнай мэтай з’яўляецца інфармаванне пра перавагі еўрапейскай сістэмы адукацыі». Акрамя інфармавання, Малады Фронт таксама плануе збор подпісаў сярод студэнтаў і абітурыентаў, дзейнасць у межах сацыяльных сетак, канфэрэнцыі і круглыя сталы з удзелам незалежных і дзяржаўных адмыслоўцаў… Аляксей Валабуеў зазначыў, што Балонскі працэс мог бы даць мноства перавагаў для нашых студэнтаў. Па-першае, студэнты паводле гэтай сістэмы мусяць правесці ад месяца да года ў іншых краінах, што дазваляе не толькі пазнаёміцца з іншымі ВНУ і іх сістэмай навучання, але і дадае вельмі каштоўны досвед для маладых спецыялістаў, падвышае якасць і эфектыўнасць іх адукацыі. Ды і самі ВНУ у Беларусі могуць стаць болей разняволенымі з прыходам Балонскай сістэмы. Яны не будуць залежыць ад Міністэрстваў і загадаў зверху, змогуць самі вырашаць як наладзіць адукацыйны працэс. Таксама адзін з важкіх плюсаў — гэта прызнанне дыпломаў за мяжой. І іх не палохае, што з ўвядзеннем новай сістэмы Еўрапейскай адукацыі мы рызыкуем сутыкнуцца на першых парах з масавай «уцечкай мазгоў»: «Гэтага баяцца таксама бессэнсоўна, як баяцца глабалізацыі і ўсяго больш новага. — кажа Аляксей Валабуеў. — Калі мы хочам мець якасную адукацыю і добрых спецыялістаў, мы мусім зрабіць так, каб студэнты засталіся ў нашай краіне: стварыць добрыя умовы для працы і прапанаваць суадносны іх кваліфікацыі заробак. Але не абмяжоўваць і не стрымліваць штучна студэнтаў у рамках». «Еўрапейская адукацыя» ужо другая кампанія Маладога Фронту абвешчаная цягам гэтага тыдня. Як паведаміў Аляксей Валабуеў, у хуткім часе можна чакаць і на трэцюю. Яшчэ не вызначаны даты пачатку, аднак трэцяя кампанія будзе з традыцыйна «маладафронтаўскім» ухілам. Яна будзе прысвечана пытанню далучэння Беларусі да Еўрапейскай Хартыі па Алкаголю. Настасся Шамрэй, Наша Ніва
|
|
Амерыканскія вучоныя нарэшце вынайшлі аўтамабіль, які працуе на вадзе.
На жаль, пакуль ён працуе толькі на вадзе з Мексіканскага заліва…
|
|
|