Рознае
25 Студзеня 2016
1 284
Салёнае золата: вэстэрн па-салігорску 2.0
Салёнае золата: вэстэрн па-салігорску 2.0
Лідэр мясцовага “Бандыцкага Незалежнага Прафсаюзу” - Боб Аед, Ранальда ў "Шахцёры" і абноўленая "Алеся". Працяг гісторыі з "Навінак"  

Між тым, як на акраінах не сьціхае страляніна, цэнтар гораду гудзіць. Калісьці ціхая салігорская кавярня “Алеся”, а сёньня салён “У крутога Джоні” перапоўнена людзьмі самай дурной наружнасьці: сутэнёры, шулеры, гандляркі цыгарэтамі, спэкулянты з старавакзальнага рынку, але больш за ўсё тут, безумоўна, старацеляў-шахцёраў. Яны, першыя ахвяры залатой ліхаманкі, зьехаліся сюды з усіх канцоў Беларусі ў надзеі паспытаць шчасьця. Удзень наваяўленыя салігорцы калупаюць тэрыконы ўсіх чатырох руднікаў або мыюць пясок на крыніцы ў Тычынах, а ўвечары спускаюць дзённы “ўлоў” на гарэлку або на гульню ў “тысячу”. Норавы тут жудасныя. Час ад часу ў некага з удзельнікаў гульні здаюць нэрвы, і ён катапультуе ў паветра  каскад бурнай лаянкі: “Дык у цябе ж краплёная хваля ў рукаве…” Потым усё вырашаюць сэкунды — хто хутчэй выцягне з кішэні адбойны малаток і прафэсійна прадзіравіць башку праціўніка. Зранку чарговы труп з трыма дзіркамі ад сьвярла 6-га калібру вылавяць у фантане каля помніка Леніну.

 

Але галоўнае ліха прыіскаў — гэта арганізаваны крымінал. Чорны Боб Аед, лідэр мясцовага “Бандыцкага Незалежнага Прафсаюзу” (БНП), кантралюе ўвесь горад. А што міліцыя? — спытаеце вы. А нічога. Шэрыфы нават не высоўваюцца далей авэню Сямёх Лінчаваных (былы праспэкт Міру). Усё, на што здатныя “блюсьціцелі парадку” — друкаваць абвесткі “Wanted: небясьпечны гангстэр Боб Аед” з каціроўкамі штодзёнага курсу галавы салігорскага дысперадо і расклейваць іх па горадзе. Напярэдадні апошняга скачку даляра попыт на “жывога або мёртвага ” Боба Аеда складаў $ 37.978 (па курсу Нацбанку). А той,дарэчы, і не хаваецца, Штоночы ён нахабна ўвыльваецца ў “Алесю”, адчыняючы дзьверы каваным кірзавым ботам з срэбнымі шпорамі. На ім вялікі шахцёрскі шлём з шырокімі палямі, два чорных адбойных малаткі за поясам. Ён уразвалку праходзіць праз анямеўшую залю заа свой пэрсанальны столік. Якраз у гэты час пачынаецца начное стрыптыз-кабарэ з удзелам першых зорак расейскай папсы. Апінай, Долінай, Зыкінай, Бабінай.. Поп-ідалы шоў-бізнэсу лічаць за гонар выступаць на забляваных падмостках салігорскіх салунаў, бо ня ў прыклад прыжымістым юрмальскім буржуа, салігорскія бічы плоцяць чыстымі зьліткамі. А яшчэ кажуць, што з наступнага году за салігорскі футбольны клюб “Шахцёр” пачне выступаць Ранальда.

 

«Навінкі» 1999 год

Каментары
Таксама вам будзе цікава
30 Лістапада 2015
1 112
BelarusGuide: Гродна