Эканоміка
26 Студзеня 2016
1 809
Як гэта працуе: кантрабанда беларускіх цыгарэтаў
Як гэта працуе: кантрабанда беларускіх цыгарэтаў
Кожная трэцяя цыгарэта, вырабленая ў Беларусі i прызначаная на экспарт, нелегальна прадаецца на Захадзе. «Салігорск.орг» разьбіраўся, як устроены шэры рынак тытунёвай прадукцыі.

Як возяць

Ёсьць тры варыянты для заняткаў кантрабандай. Першы самы просты – спрабаваць правезьці нешта з сабой. Зарабіць на адным блёку можна да 10 долараў, калі вазіць у памежныя польскія гарады. Прадаць цыгарэты можна і без сувязяў – перакупшчыкі фактычна самі знойдуць вас на вакзале, заправачных станцыях ці каля папулярных мясцовых крамаў. Калі вас зловяць з 10-цю пачкамі, то могуць нават прапусьціць праз мяжу альбо проста забраць цыгарэты. Ці выпісаць штраф – на польскай мяжы штогод такіх затрыманых каля 7 тысяч чалавек.

Цыгарэты возяць і на прыватных аўтамабілях. Спэцыяльныя тайнікі ў машынах абарудуюцца ў сэрвісных цэнтрах па абодва бакі мяжы. Іх аб’ём розьніцца, але пачынацца як правіла з 10 блёкаў. Адна паездка дазволіць зарабіць ад 120 долараў. У выпадку выяўленьня кантрабанды, уладальніка аўтамабіля могуць аштрафаваць альбо канфіскаць транспартны сродак. Польская Rzeczpospolita паведамляла, што ў Беларусі існуе магчымасьць «уладкавацца» кантрабандыстам – у такім выпадку вы атрымаеце яшчэ і службовы аўтамабіль для паездак за мяжу, цыгарэты і ўсе неабходныя адрасы. Зарабіць за такую паездку можна столькі ж, але частае перасячэньне мяжы паступова прыцягне ўвагу памежнікаў.

Большыя памеры і тое, як дастаўляюцца цыгарэты на заходнія рынкі – адпаведна і большая загадка. Пэрыядычна можна прачытаць навіны пра дастаўку цыгарэтаў ў бэтонных плітах, бярвеньнях, з дапамогай дронаў і платоў, у піяніна і футбольных мячах, але гэта хутчэй выключэньні. Асноўная маса тытунёвых вырабаў перавозіцца ў звычайных фурах, гэта сотні тысяч пачак з коштам у паўмільёна долараў. Можна выказаць меркаваньне, што каб такі груз незаўважна праехаў праз мяжу, у гэтым павінны быць зацікаўленыя і самі супрацоўнікі мытных службаў.

Большыя партыі цыгарэтаў уяўляюць і рэальную пагрозу для кантрабандыстаў – напрыклад, у лістападзе Рыжскі суд вынес прысуд 3.5 пазбаўленьня волі і 1.4 млн. эўра штрафу за спробу перавезьці праз мяжу 11 млн. цыгарэтаў

600 тысяч цыгарэтаў. Фота: Памежны камітэт Рэспублікі Беларусь

Эўрапейскі рынак наш

У 2009-2013 беларускія цыгарэты выйшлі на эўрапейскі рынак. Калі да гэтага асноўнымі рынкамі збыту былі Польшча, Латвія і Літва, то сёньня беларуская прадукцыя была заўважана ў 11-ці краінах.

У інтэрнэце можна знайсьці сотні абвестак з прапановамі беларускіх цыгарэтаў. Прычым, яны не носяць прыватны характар. Гаворка ідзе пра прамысловыя аб’ёмы, а там, дзе людзі гатовыя набыць Minsk альбо NZ, часта ўказваецца і тое, што ёсць месца для разгрузкі. Напрыклад, пакупнік з Польшчы прапанаваў пачаць з невялікіх партыяў у 100-200 каробак (у адной каробцы 50 блёкаў, то бок, гэта 1 000 000-2 000 000 цыгарэтаў), прыкладна так ацэньваюць памеры і ў Нямеччыне ці Аўстрыі. Адну каробку ў Варшаве гатовыя набыць за 400-450 эўра. Такім чынам, уся партыя абыдзецца ў 45-90 тысяч эўра, а чысты прыбытак можа дасягнуць 10-20 тысяч. Калі дастаўляць апэратыўна і, напрыклад, пасьпець прывезьці перад навагоднімі сьвятамі, кошт партыі можа быць яшчэ большым.

Дарэчы, беларускія цыгарэты нават патрапіліся ў адным з выпускаў шоў BBC Fake Britain. Там паліцэйскія адшукалі цэлую партыю кантрабанды ў адной з крамаў, гэта былі гарадзенскія «Фэст».

Як гэта працуе

Я даў некалькі абвестак на рускамоўных форумах аб продажы беларускіх цыгарэтаў. Цягам некалькіх гадзінаў са мной зьвялася дзесяць чалавек. Партыі ў 100-200 блёкаў проста нікога не цікаваць – гаворка ідзе пра тысячы блёкаў у тыдзень. Геаграфія попыту ўражвае – ад Польшчы, Літвы да Францыі і Ірляндыі. Кошт расьце ў залежнасьці ад адлегласьці, чым далей, тым адпаведна больш. Напрыклад, блёк гарадзенскага «Фэста» у Брытаніі гатовы набыць за 25 фунтаў. Калі вы гатовыя прадаваць пачкі па-асобку, то адна можа каштаваць у раёне 3.5 фунтаў. Блёк беларускага «Вінстана» у Літве гатовыя набываць за 16 эўра (кошт у Беларусі – 8), у Нямеччыне за 21 эўра. Зразумела, што рызыка заўжды ёсьць – плацяць толькі па факце і наяўнымі.

Дзе набыць такую колькасьць цыгарэтаў? Наўпрост на фабрыцы ў Гродна гэта не атрымаецца зрабіць – трэба мець ліцэнзію на рэалізацыю тытунёвай прадукцыі ў Беларусі. 100-200 блёкаў можна набыць у звычайнай краме, калі гаворка пра большыя аб’ёмы трэба мець прыватныя кантакты з аптовымі пакупнікамі той жа фабрыкі і набываць у іх.

Хоць пакупнікі часта просяць пра першы асабісты кантакт

Афіцыйныя дадзеныя па колькасьці кантрандных цыгарэтаў уражваюць – такія брэнды як Фэст, Мінск ці NZ прадаюццца ў Эўразьвязе мільярднымі партыямі. Аб’яднаны дасьледчы цэнтар па транснацыянальнай злачыннасьці ацэньвае продажы беларускіх марак у 2013-м годзе наступным чынам: «Фэст» 2,9 млрд цыгарэтаў, NZ 1, 2 млрд, «Минск» 900 млн. і «Прэмьер» – 500 млн. У тым жа дасьледваньні гаворыцца пра тое, што беларускія цыгарэты на шэрым рынку Літвы складаюць 77,9 працэнтаў, Латвіі – 57 працэнтаў, і 48.8 працэнта ў Польшчы. Страты польскага бюджэту ад беларускай тытунёвай кантрабанды ацэньваюць ад 260 млн. эўра ў год.

Падробкі на беларускія цыгарэты

Беларускія цыгарэты вязуць не толькі на Захад, але і ў Расію. Як адзначае РБК, доля нашай кантрабанды ў бранскай вобласьці ўжо складае 15%, цыгарэты з Беларусі пастаўляюцца і ў іншыя вобласьці і Маскву, а расійскі Forbes ацэньвае долю беларускіх цыгарэтаў на рынку Дагестана ў 30%.Аўтары РБК адзначаюць, што ў інтэрнэце сотні абвестак з прапановамі, нелегальны тавар прадаецца таксама наўпрост у крамах. Па меркаваньню Ігара Маісеева, дырэктара «Пагарскай цыгарэтнай фабрыкі», беларускі ўрад зацікаўлены ў кантрабандзе і павялічвае квоты для сваіх вытворцаў тытунёвай прадукцыі, нягледзячы на тое, што ўнутраны рынак Беларусі расьце куды павольней.

Больш за тое, калі падсумаваць лічбы, атрымаецца, што значная частка беларускіх цыгарэтаў прадаецца без акцызаў ці наўпрост падрабляецца. Пра такія выпадкі вядома ва Украіне – так, завод па вырабу цыгарэтаў «Minsk» быў выяўлены ў Львове, а пасьля падзеяў у Мукачава, па ТБ паказвалі склады кантрабанднай прадукцыі – сярод іншых, там былі і беларускія цыгарэты без акцызаў. Яны ж былі выялеўныя і пасьля катастрофы АН-2, які перавозіў цыгарэты праз беларуска-украінскую мяжу. Каб мець разуменьне пра памеры, можна ўзгадаць пост дэпутата Ігара Гузя, які паведамляў пра партыю кантрабанды, затрыманай на мяжы – 38 фураў беларускіх цыгарэтаў. Калі такая партыя даедзе праз Украіну да, напрыклад, Славакіі, кошт яе вырасьце складзе 20 млн. эўра.

Дзяржава як кантрабандыст

Нацыянальны статыстычна камітэт афіцыйна прызнае – 33 працэнта цыгарэтаў, прызначаных на экспарт, зьнікаюць. У дакумэнтах так і пазначаюць – краіна адпраўленьня невядомая. Колькасьць людзей, якія паляць у Беларусі памяншаецца, а квоты на выраб цыгарэтаў павялічваюцца. Дзяржава не можа не ведаць пра калясальныя памеры беларускай кантрабанды, якая прадаецца на і ў Украіне ці Расеі і ў палове краінаў Эўразьвязу. Улічваючы тое, што асноўныя аб’емы цыгарэт павінны набывацца юрыдычнымі асобамі, улады ў прынцыпу маглі б нанесьці ўдар па кантрабандзе на тэрыторыі самой краіны, але гэтага не робіцца. Верагодна таму, што гарадзенская тытунёвая фабрыка ўваходзіць у лік буйнейшых падаткаплацельшчыкаў краіны і яе выручка пастаянна расьце.

 

Каментары
Таксама вам будзе цікава
09 Кастрычніка 2015
6 442
Дети выросли