ГорадЛюдзіРознае
07 Кастрычніка 2015
1 925
Забавы салігорскіх двароў
Забавы салігорскіх двароў
Пакуль не бракуе людзей, апавядаючых пра сваё дзяцінства ў 90-ых, героі нулявых маўчаць. Салігорск.орг сістэматызуе ўсё зло, што рабілі маладзёны ў тыя часы. Напісана ад імя адной асобы, але вядома, мінуў час, многае скажаецца і абагульняецца. Можна лічыць гэта такім зборным вобразам салігорскага падлетка, народжанага амаль адразу пасля распаду СССР.

Сам я скажу, што пражыў дзяцінства ў адным з двароў у цэнтры гораду. Рабілі мы мноства глупстваў і, як зараз падаецца, непрыгожых рэчаў. Наўрад старэйшыя жыхары маглі нас хваліць. Але ў той момант гэты было даволі тыповае жыццё падлетка. Дык вось, інтэрнэта тады не было, мабільныя тэлефоны толькі з‘яўляліся, а праводзіць час дома лічылася не зусім нармальным. Мы гадзінамі сядзелі на лавах, а ў такім узросце проста сядзець на месцы немагчыма.

Карбід

Кралі ў сантэхнікаў. Не абыходзілася без эксцэсаў, але скончвалася вяртаннем дзяржаўнай маёмасці на месца і падзатыльнікам. Калі ўсё праходзіла паспяхова, карбід закідваўся ў лужы, якія пасля падпальваліся. Забаўна было, калі праходзячая жанчына прасіла тушыць пажар, што мы ахвотна рабілі з дапамогай вады. Што, у выніку, яшчэ больш павялічвала агонь.

Acetylene-Balloons-0-1

Другая рэч — дадаць карбід у бутэльку з вадой, закінуць яе куды і чакаць выбуху. Пасля экспэртная група шукала парэшткі пластыку і ацэньвала магутнасць, эфектнасць і параўноўвала з папярэднімі выпрабаваннямі. Ніякіх інцыдэнтаў і пашкоджанняў не было. Хіба толькі пасля серыі выбухаў нехта з жыхароў мог выклікаць міліцыю, але да затрыманняў не даходзіла.

Селітра

Вырабам дымавухаў я ніколі не займаўся. Затое ахвотна ўдзельнічаў у іх распаўсюдзе па пад’ездах. Не скажу, ці былі складанасці з набыццём гэтага рэчыва, але яно звычайна адкульсці бралося. Пасля шукалася кватэра, дзе абодва з бацькоў былі на працы, рабіліся нейкія махінацыі над тазікам. На фінішы атрымоўвалася нешта з газетаў. Гэта нешта сушылася, падпальвалася ў пад’ездзе альбо на адкрытай пляцоўцы. Самі мы займалі выгодныя пазіцыі і назіралі за рэакцыяй дарослых людзей. Рэдка яна бывала пазітыўнай.

Дамафоны

Гэтыя дзіўныя электроныя сістэмы пачалі зьяўляцца ў 2002 годзе. Быў сход жыхароў пад’езда, збор грошай, прызначэнне адказнага.  І пасля раз — і ў пад’езд дымавуху закінуць не так проста. Але самі па сабе дамафоны сталіся яшчэ адным са спосабаў весяла бавіць час.

Здагадацца не складана, што званілі мы ў кватэры і даставалі жыхароў. На рэдкіх у той час тэлефонах былі папулярныя розныя запісы, у тым ліку перамовы па дамафоне. Стараліся не адставаць, рабілі свае. Скончвалася і канфліктамі і нават міліцыяй. Але пратакол складаць за хулігантсва было ранавата ды і што казаць, часта знаходзіліся бацькі-браты-дзядзькі ў ворганах, якія маглі пазваніць у “апорку” і вырашыць праблему.

Самі дамафоны толькі лічаныя тыдні заставаліся перашкодай. Зьяўляліся спэцы, якія мянялі кады, мелодыі ці проста блакавалі іх. Не абыходзілася і без фізычнага ўрону дамафонаў — выпаліць экран моднымі “аўтагенавымі” запальнічкамі лічалася абсалютна нармальнай зьявай. Хоць, паліць трэба было ўсё, асабліва кнопкі ў ліфтах.

Тэлефоны

Яшчэ стацыянарныя. Збор у кагосці дома пасля заняткаў у школе. Гарадскі тэлефонны даведнік і напрыклад, пошук смешных прозвішчаў. А пасля размова з іх носбітамі. Альбо вітанне “Пазнаў?” і шчырая размова на трыццаць хвілінаў — былі свае майстры з больш-менш дарослым, як нам здавалася голасам. Цікава, што многія верылі, абмяркоўвалі нават інтымнае жыццё з фальшывым “Сярогам”. Гэта нас прыцягвала, вядома, найбольш. Цэлыя аўдыёспэктаклі выходзілі.

Папулярным было званіць і абвяшчаць чалавеку, што ён выйграў нешта ў новай краме. Тэлевізар ці відэамагнітафон. Чалавек не верыў, мы яго пераконвалі і вось ён абяцае быць на месцы праз 30 хвілін. А праз гадзіну з таго канца проваду было чуваць мацюкі. Да міліцыі не даходзіла.

Званіць старэйшым знаёмым дзяўчынам са школы (і незнаёмкам) таксама было мэйнстрымам. Даставалі мы іх канкрэтна,даставалі і іх бацькоў, братоў ды і ўсіх, хто здымаў слухаўку.  Але таксама абыходзілася без вялікіх праблемаў. Дзяўчыны ж верылі, што гэта ад любві (што так і бывала, здаецца) ды і хваліліся ўвагай ухажораў перад бацькамі.  Праблемы былі з настаўнікам адным. Ён неяк хітра (нам так здавалася) вылічыў банду тэлефонных тэрарыстаў. Пасля ўжо званіў ён, але бацькам.

Калі мабільныя тэлефоны сталіся папулярнымі, мы былі ўжо больш дарослымі і я не асабліва памятаю, каб такія забавы працягваліся. Адзінае, было цікава ўключыць які-небудзь маналог на дыктафоне і даць тэлефон мясцоваму алкашу, напрыклад. На радасць нам, “клікаў Наташу да тэлефона” ён па 10 хвілін, не разумеючы, што пятнаццаты раз чуе адны і тыя ж рэплікі.

Самастрэлы

Зараз так у нашых прасторах час ад часу называюць уласныя здымкі з тэлефона, але на той час гэта была прылада для дваравых войнаў. Рагаткі мы ўжо не выраблялі, абыходзіліся разбіццём лампачак у пад’ездзе, зняццём патрона і нацягваннем балёніка на патрон з дапамогай ізаленты. Больш бюджэтны варыянт — не біць лампачку і проста абрэзаць пластыкавую бутэльку. Патронамі былі рабіна, нейкія ягады (здаецца “воўчае вока”). Маленькія камяні хутка псавалі балёнік, таму выкарыстоўваліся мала. З самастрэлаў стралялі не толькі па аднагодках, але і па машынах — белы аўтамабіль заўжды быў  добрай мішэнню, калі маеш гэтыя самыя ягады.Пакідалі заўважныя сляды. Ну і па мінаках, вядома.

Самастрэлы былі рознакаляровымі, як айфоны

Самастрэлы былі рознакаляровымі, як айфоны

Мінакі, дарослыя людзі, наогул самая папулярная мішэнь. Тым, хто жыў вышэй і чые вокны выходзілі не ў двор, прадастаўлялася магчымасць рэгулярна чымсці шпурляць у людзей на вуліцы. Пра яйкі не скажу, але гарох, крупы, нават агуркі і вядома пакункі з вадой.

Пятарды

Вырабляць свае выбуховыя прылады ў 2000-х патрэбы ўжо не было. На вуліцах з надыходам зімы масава зьяўляліся пятарды, якія везлі з Польшчы. Прадаваліся яны нелегальна, але літаральна па ўсім горадзе.  Гукі выбухаў таксама чуліся літаральна паўсюль.

Сістэма продажу пятардаў была дастаткова складаная. Знаходзіліся нейкія старэйшыя за нас хлопцы і камусці з маіх аднагодак шчасціла стаць “распаўсюднікам на месцы”. Табе, у такім выпадку, даваўся тавар і прызначалася нейкая кропка. Кажуць, можна было няблага зарабіць. Але ва ўсім гэтым “свеце” былі і свае разборкі, свае “старэйшыя” і г.д Нехта займаў чужое месца, кагосці маглі кінуць на грошы альбо проста забраць пятарды. Ну і міліцыя, вядома, не спала і старалася пэрыядычна затрымоўваць малалетніх распаўсюднікаў.

Мы з сябрам неяк, на апошнія грошы, набылі малую партыю пятардаў і пачалі іх прадаваць, не пачкамі, а па адной штуцы. Прадавалі яшчэ малодшым за нас, ціха, у дварах. Так можна было пазбегнуць праблемаў з тымі самымі “старэйшымі” ды і наўрад васьмігадовы мог у нас нешта скрасці. Выйшла, дарэчы, няблага. Рознічны гандаль на тое і рознічны.

Міліцыя сапраўды рабіла рэйды. Таму, хадзіць па горадзе з пятардамі было перманентна небяспечна. Тым больш, хадзіць азначала рэгулярна іх узрываць. Хавалі ў бацінкі, кудысці ў куртку, стараліся, каб пальцы не пахлі порахам. Кагосці і лавілі, выклікалі бацькоў і давалі штрафы. Мяне праносіла.

Добрыя забавы

Не варта думаць, што ў дзяцінстве мы толькі і рабілі, што кідалі нечым у мінакоў. Былі і пэўныя добрыя памкненні. Нейкі працяглы час мы гулялі ў футбол. Прычым, ён займаў усё. Тады і часу пакідаць чым у суседскія вокны не сталава.Не важна, была гэта зіма (хоць зімой можна было зрабіць браму са скрыняў з-пад малака і зарубіцца ў хакей) ці восень. Летам мы нават у выходныя раніцай арганізоўвалі трэніроўкі, малявалі сабе майкі маскоўскага “Спартака” (праз год-два на рынку зьявіліся майкі замежных клубаў, а Манчестэр феерычна выйграў Баварыю, і “Спартак” стаўся не такім культавым), засыпалі ямы на полі, фарбавалі брамы. Трыбуны нават будавалі і трэнерскую будку. Але супрацоўнікі ЖКХ у той жа дзень знішчылі інфраструктуру стадыёна. Выяздныя матчы, двор на двор, чэмпіянаты сярод клубаў па месцу жыхарства (ганарова было граць у “Мечце”, мяне заносіла ў “Брыганціну” ці “Паруснік”). Быў футбол і ў школе, клас на клас, ледзь да боек не даходзіла. Хаця, даходзіла.

Пасля, канешне, футбола стала менш, ды і гуляць пачалі на грошы ці піва, але я не памятаю палёў, дзе была нармальная трава ў Салігорску нават у тыя часы. Усё было вытаптана. Звярніце ўвагу на школьныя стадыёны зараз, там трава па калена.

Гульні з мячом на гэтым не абмяжоўваліся. Практычна ў кожным двары была пляцоўка, дзе гралі ў “квадрат”, пінаць гадзінамі мяч аб сцены таксама можна было паводле пэўных правілаў (прыгадваю як мінімум гульню “мінус пяць”). Мінус пяць і 33 — гэта ўжо гульні і з мячом баскетбольным.

Так граюць у "квадрат"

Так граюць у «квадрат»

Актыўнасць на паветры футболам не скончвалася: як без казакоў-разбойнікаў, маскоўскіх (ды прабачыць Пазняк)  і звыклых хованак, салак ці сляпога ката. Гулялі і ў ножыкі, палілі мурашоў лупамі, выжыгалі стромныя надпісы на лавах (пасля, вядома, зьявіліся маркеры) і нават надувалі лягушак.

Спробы працаўладкавання

Гэта былі часы вострай фінансавай несамастойнасці (не так і шмат змянілася у многіх зараз). Але калі зараз можна спакойна давучвацца ў універы і чакаць размеркавання, тады пытанне працаўладкавання стаяла востра.

Перш-найперш, збіралі бутэлькі. Калі асабліва трэба былі грошы, можна было скрасці з бацькоўскага падвала трохлітровыя слоікі, яны каштавалі значна больш. Зборніцтва на гэтым не скончвалася — збіралі ліпу, яшчэ нейкія там лісця і здавалі ў аптэкі. Наступны этап — красці кукурузу і прадаваць яе. Тады мы ўжо папальвалі цыгарэты і ў дні продажу калгаснай маёмасці смела маглі дазволіць сабе пачак “Marlboro Gold” ці Davidoff (як правіла, у такім узросце палілі “Карону”).

Яшчэ 2000-я прынеслі небывалую колькасць камерцыйных абвестак, якія клеіліся на пад’ездах. Вядома, што падлеткі, якім шмат плаціць не трэба, былі добрым варыянтам. Але не ўсё так проста. У свае 12 мы не проста хацелі сумленна клеіць абвесткі, мы хацелі зарабляць шмат грошай. Папулярнымі былі фірмы па рамонце мэблі і пры “уладкаванні” нас папярэджвалі, што працаваць на канкурэнтаў забараняецца. Ну, то бок не клеіць абвесткі розных фірмаў побач і яшчэ адначасова. Правілы правінцыйнага бізнеса нас мала краналі і ў прынцыпу, добра было ўжо  тое, што мы іх хоць неяк клеілі. АЛе працаваць на пяць розных фірмаў было ўсё ж больш выгодна. Праўда, праз нейкі час аказалася, што ўладальнікі неяк абменьваюцца інфармацыяй пра сваіх “пацанятаў на абвестках”. Так наша кар’ера скончылася.

Гісторыя
Каментары
Таксама вам будзе цікава